Гарэцкі Максім
130 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Максіма Гарэцкага ў нашых бібліятэкахГарэцкі Максім Іванавіч (1893-1938) — выдатны беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст, крытык. Адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы.
Нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Максім меў ад прыроды вялікія здольнасці — выключную памяць, аналітычны розум, глыбокую пачуццёвасць, музычнасць; добра іграў на скрыпцы, запамінаў мелодыі, народныя песні.
1901-1903 — вучыўся ў пачатковай школе, пасля працягваў вучэнне ў Вольшы. Яшчэ ў школе прымаў удзел у гуртку аматараў прыгожага пісьменства, выпісваў газету «Наша Ніва», куды дасылаў свае допісы. Пасля заканчэння Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча (1913) працаваў на Віленшчыне. У час першай сусветнай вайны трапіў на фронт, удзельнічаў у баявых аперацыях, быў цяжка паранены. У 1916 годзе скончыў Паўлаўскае ваеннае вучылішча. Калі знаходзіўся на пазіцыях у раёне пінскіх балот, захварэў і быў камісаваны з войска.
Жыў у Смаленску, з’яўлялся супрацоўнікам газет «Известия Смоленского Совета…», «Звязда». У пачатку 1919 пераехаў у Мінск, адтуль у Вільню. Займаўся выдавецкай і навуковай дзейнасцю, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Першай Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 годзе быў арыштаваны і трапіў у турму па абвінавачванні ў замаху на дзяржаўную ўладу. Дзякуючы пратэсту суд не адбыўся і ў кастрычніку 1923 года Максім Гарэцкі вярнуўся ў Беларусь. Чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, дзе разам з Якубам Коласам стварыў гурток беларускай культуры. Пазней прызначылі загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, займаўся літаратурнымі даследваннямі ў Інбелкульце. У ліпені 1930 беспадстаўна арыштаваны органамі АДПУ, высланы на 5 гадоў у Вятку. Затым атрымаў дазвол жыць у Пясочні Калужскай вобласці. У 1937 зноў быў арыштаваны і прысуджаны да расстрэлу.
Рэабілітаваны ў 1957 годзе.
Творчая біяграфія
Літаратурным дэбютам стала апавяданне «У лазні», надрукаванае ў 1913 годзе ў газеце «Наша Ніва» за подпісам Максім Беларус. Творы публікаваліся адзін за адным, і ўжо ў 1914 годзе выйшаў у свет зборнік апавяданняў «Рунь», затым «Досвіткі» (1926), аповесці «Дзве душы» (1919), «Ціхія песні» (1926; пад назвай «Ціхая плынь» выйшла ў 1930). Пасля смерці пісьменніка ўпершыню апублікаваны раман «Віленскія камунары» (1963), незавершаныя творы «Камароўская хроніка» (1966), «Скарбы жыцця» (1993). Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс беларускага сялянства, працоўнай вёскі на гістарычным зломе эпох, трагедыя беларускай інтэлегенцыі.
Засталіся выдатныя яго творы, напісанныя на падставе асабістых ваенных уражаннях, якія падключылі нашу літаратуру да сусветнай антываеннай тэмы: «На імпэрыялістычнай вайне», «Літоўскі хуторок», «Генерал» і інш. Змястоўную старонку складаюць творы драматычнага жанру: «Атрута» (1913), «Чырвоныя ружы» (1923), «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925) і інш.
Для дзяцей пісаў абразкі, лірычныя замалёўкі, што друкаваліся ў чытанцы «Родны край». Гэтыя творы пашыралі кругагляд дзетак, дапамагалі ім лепш зразумець акаляючы свет, палюбіць прыроду. Але асобнай кнігай яны не выходзілі.
У 1928 годзе выйшаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі», падрыхтаваны Гарэцкім разам з кампазітарам А. Ягоравым. Там змешчаны 318 беларускіх песень. Адметнасць зборніка ў тым, што песні запісаныя ад маці пісьменніка. Яе рэпертуар складалі пераважна песні сямейна-абрадавыя і каляндарныя, сярод якіх асабліва вызначаліся радзінныя і жніўныя.
Максім Гарэцкі ўвайшоў у беларускую літаратуру і як выдатны педагог, навуковец, таленавіты лексікограф. У 1918 разам з братам Гаўрылам працаваў над «Руска-беларускім слоўнікам», самастойна складзены «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919). У 1920 годзе выдаў «Гісторыю беларускай літаратуры», якая на працягу некалькіх дзесяццігоддзяў была падручнікам у беларускіх тэхнікумах і ўніверсітэтах.