Дуброўскі Алесь
75 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Алеся Дуброўскага ў нашых бібліятэкахАлесь (Аляксандр Сцяпанавіч) Дуброўскі (1948-2014) — пісьменнік. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага (2014 г., пасмяротна).
Нарадзіўся 24 чэрвеня 1948 года ў вёсцы Целяшы Гомельскага раёна. Пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы працаваў будаўніком, служыў у арміі. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. У 1969 годзе паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а ў 1970 годзе — на першы курс гісторыка-філалагічнага факультэта. Пасля вучобы ў ГДУ працаваў карэспандэнтам гомельскай раённай газеты «Маяк», намеснікам загадчыка аддзела інфармацыі гомельскага абласнога тэлерадыёаб’яднання. Даволі шмат вандраваў па свеце. Памёр у 2014 годзе. Заснавана абласная літаратурная прэмія імя А. Дуброўскага.
Творчая біяграфія
Першы верш («Вяселле») быў надрукаваны ў раённай газеце «Маяк» у 1967 годзе. Друкаваўся ў газетах «Гомельская праўда», «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», «Сельская газета», у часопісе «Маладосць», калектыўных зборніках «Магістраль», «Святло шчымлівай памяці» і інш. Выйшлі ў свет кніга лірыкі «І будзе лета апасля» (2005), зборнік «Непрадказальнасць дня» (2008) — вершы і паэма-рэквіем «Трагедыя Пабужжа», кніга «Дня наступнага святло» (2010).
Вершы Алеся Дуброўскага — пра перажытае, непасрэдныя і шчырыя. У іх адчуваецца радасць быцця і шчымлівае прадчуванне хуткаплыннасці звычайнага зямнога шчасця. Паэтыка яго твораў зведала грунтоўны ўплыў фальклору.
«Незабыўнае» (2014) — чацвёртая кніга паэзіі Алеся Дуброўскага. Тэматыка вершаў выдання разнастайная — грамадзянска-публітыстычныя матывы мяжуюць з інтымнымі, пейзажная лірыка пераходзіць у філасофскую. Прывабліваюць яго мініяцюры-назіранні, у якіх закладзены глыбокі сэнс, многія з іх вызначаюцца дасціпным гумарам. Кніга адзначана абласной літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага (2014 г.).