Уладзімір Дубоўка
Анатаваны спіс
Дубоўка, У. О Беларусь, мая шыпшына… : выбранае / Уладзімір Дубоўка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2002. – 318 с. – (Беларуская паэзія XX стагоддзя).
Вершы са зборніка
О Беларусь, мая шыпшына
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.
Пялёсткамі тваімі стану,
на дзіды сэрца накалю.
Тваіх вачэй — пад колер сталі —
праменне яснае люблю.
Ніколі пройме з дзікім ветрам
не развіваць дзявочых кос.
Імкнешся да Камуны Свету,
каб радасць красавала скрозь.
Варожасць шляху не зачыніць:
у перашкодах дух расце.
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
Залатая, асенняя раніца…
Залатая, асенняя раніца!
Хараством ты на свеце адна.
Сонца ў пушчы глыбокай купаецца
і ніяк не дастане да дна…
Мітусіцца лісцё па аселіцы,
як дзвіна матылькоў-мітульгі.
І узвее яна, і пасцеліцца,
распаветрыцца на берагі.
А яны, берагі беражыстыя,
не стрымаюць асенні напеў.
І ліецца, віецца сукрысты ён,
і разгортваецца каля дрэў.
Прытулі, прыхіні на апошняе
і згадай гэты дзень залаты,
што над пушчай, згалелымі пожнямі
рассыпаў залатыя лісты.
Рассыпаў і раскідваў прыгоршчамі
на акрасу, на жаль, на ўспамін.
Развітальная хвіля найгоршая,
яна можа і сэрца спаліць.
Не бядуй, не гаруй — пад цяжарамі
мне не йсці, шчасця ў іх не шукаць,
з-за балота мігціць, за выгарамі
прамяніцца пярэстая гаць.
Не гаруй! Ты дарэмна заплакала:
я прыйду, я вярнуся ізноў.
Лёс для ўсіх не бывае аднакавы,
як для тых засмучоных лістоў.
Залатая, асенняя раніца!
З хараством, з пекнатою — бывай!
Ужо сонца за пушчу хаваецца,
кармазынам гарыць небакрай…
Дубоўка, У. Як Алік у тайзе заблудзіўся : маленькая аповесць / Уладзімір Дубоўка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 70 с.
Урывак з аповесці
…У тую восень было дужа многа брусніц у тайзе. А брусніцы для сібіракоў такая ж каштоўная ягада, як чаромха. Розніца толькі ў адным: чаромху сушаць, мелюць у млынах разам з костачкамі, пасля чаго выкарыстоўваюць чаромхавую муку (для пірагоў, робяць з яе павідла, варэнне), а брусніцы вельмі добра захоўваюцца да самай вясны на марозе, як і журавіны. Не псуюцца брусніцы з тае прычыны, што, апрача ўсяго іншага каштоўнага, у іх ёсць бензойная кіслата, як у рабіне — сарбінавая. I тая, i другая кіслоты выкарыстоўваюцца ў кансервавай прамысловасці, каб захаваць кансервы ад псавання. Як бы там ні было, а таежныя жыхары збіраюць брусніцы ў вялікай колькасці, насыпаюць іх у бочкі альбо скрыні. А каб хутчэй збіраць, робяць адмысловыя «шуфлікі» («чарпачкі»), накшталт далоні з пальцамі. Вось гэтымі шуфлікамі і бяруць, бяруць без затрымкі. А то колькі б іх набраў двума пальчыкамі, па адной ягадзе.
Алікаў тата са сваімі сябрамі сабраўся ў тайгу па брусніцы не на адзін дзень, а на некалькі дзён. Папрасіўся ў брусніцы і Алік. Яму споўнілася сем год, і сёлета ён павінен быў упершыню ісці ў школу.
Бацька згадзіўся адразу, бо тут не трэба хадзіць многа: знойдзецца добры бруснічнік, распадак які вялізны, дык у ім на адным месцы можна вагон напакаваць тымі брусніцамі, а не тое што свае дзежкі ці скрыні якія…
Бацька з сябрамі прыдатнае месца знайшлі хутка. Паставілі палаткі паблізу крыніцы, насеклі дроў, падсілкаваліся добрай стравай і пайшлі ўсе з посудам браць брусніцы. Прыйшлі, заняліся работай. Няма часу байкі баяць, бо машка каля вушэй звініць. Толькі накамарнік паднімеш, а яна — і ў вочы, і ў вушы, і ў рот, і за каўнер…
Малы Алік пазбіраў, пазбіраў брусніцы, але яму абрыдла машкара ўсялякая, якая налазіла і ў накамарнік. Сорамна было толькі сказаць пра гэта тату, бо сам напрасіўся ў такі нялёгкі паход. I надумаўся ён пайсці на палянку, у палатку, можа, там ветрыкам пазганяе прэч усю машку ліхую. Нічога не кажучы, ён падняўся і пайшоў.
Пайсці-то ён пайшоў, але не ў той бок…