Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Васючэнка Пятро

Анатаваны спіс

подзвіг

Васючэнка, П. Дванаццаць подзвігаў Геракла : раман-бурлеск / Пятро Васючэнка. – Мінск : Звязда, 2013. – 151 с. : іл.

Нямейскі прывід
(Першы подзвіг Геракла. Урывак)

Два пастухі — сівабароды і рудабароды — караскаліся са сваімі козамі па няроўнай, поўнай валуноў ды невысокіх скалаў лясной мясцовасці. Іх усё больш і больш уражвалі цішыня і бязлюддзе, што панавалі тут. Яны шмат чулі пра шчаслівую, густа населеную Аргаліду, пра чароўныя смарагдава-зялёныя пашы і тлустае быдла, пра шумныя гарады, прыстані з цудоўнымі іншаземнымі караблямі, пра палеткі ячмяню і пшаніцы, з якіх, кажуць, ураджай збіралі двойчы на год, нарэшце, пра шыкоўныя палацы. Дзякуючы гэтаму Аргаліда ды Мікены называліся «залатаноснымі».

Пастухі наслухаліся гэтых роспаведаў і кінулі нішчымныя пашы Факіды, пераюраліся цераз перашыек, які злучаў Сярэднюю Грэцыю з Пелапанесам, і апынуліся ў Нямеі, на паўночным усходзе Аргаліды.

Цяпер яны з трывогай заўважылі, што патрапілі ў дзіўнае месца. Лес выглядаў змрочным і нежывым, бы пустэльня. Па дарозе пастухі не сустрэлі ніводнага чалавека, нават ніводная лясная жывёліна не перабегла ім дарогу, птушкі не спявалі на галінах. Толькі шэрыя яшчаркі, хуткія, бы цені, гойсалі між камянёў.

— Не падабаецца мне ўсё гэта, — сказаў малады пастух, які ўскараскаўся на гранітную глыбу, каб агледзецца. Лес ды скалы, і ніводнай жывой душы вакол. I пахне нейкай трупячынай. Навошта ты падбіў мяне сысці з Факіды? Там, на схілах Парнаса, хоць травы было замала, затое весялей. Музы так соладка спявалі свае песенькі. А тут…

— А ты хацеў бы яшчэ раз сустрэцца з тым бамбізам, які скраў нашага лепшага чорнага казла? Калі б мы затрымаліся на колькі дзён, ён бы ўсіх козаў перацягаў на дэльфійскі ахвярнік, а за імі і нас, як казлоў, — адгукнуўся стары пастух.

— Эх, каб ён мне зараз патрапіўся! Я б яму!.. — не вельмі ўпэўнена паабяцаў малады і раптам змоўк. Ён угледзеў тонкі струменьчык дыму, што выбіваўся з гаю. Вецер данёс да слыху абодвух пастухоў дзіўныя гукі. Як быццам метал стукаў аб метал.

— Мусіць, вёска… — вырашыў рудабароды. — Нядрэнна было б. Не хочацца начаваць пад адкрытым небам.

— Думаеш, цябе там чакаюць? — спытаў старэйшы. — У гэтай мясцовасці не надта любяць іншаземцаў. Можа, лепш падацца да тых гораў на паўднёвым захадзе ды падшукаць якую-кольвечы пячору?

— Не! Чаго цягацца па гэтым жудасным лесе. 3 людзьмі, якімі б негасціннымі яны ні былі, усё ж весялей.

Яны прайшлі праз маўклівы платанавы гай і сапраўды дапялі да сялібы. Аднак яе выгляд толькі ўзмацніў трывогу, што перарасла ў сцюдзёны жах. Вёска здавалася зусім пустой! Выглядала так, як быццам жыхары ўцяклі спехам, не прыхапіўшы нават самага неабходнага. Начынне, прылады, нават адзенне — плашчы, тунікі — усё гэта знаходзілі пастухі, зазіраючы па чарзе ў пустыя хаціны. Людзі знеслі ўсё, у чым былі, пагналі скаціну, забралі дзяцей, але спешна кінулі ўсё астатняе.

У іншых абставінах пастухі толькі парадаваліся б, што можна прысабечыць тое, што кепска ляжыць. А цяпер ім было не да здабычы. Яны прадчувалі небяспеку, страшную таму, што яе немагчыма было патлумачыць…

каралеўна

Васючэнка, П. Жаласлівая каралеўна : казкі / Пятро Васючэнка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 97 с. : іл.

Жаласлівая каралеўна
(урывак)

У Краіне-Дзе-Ніколі-Не-Плачуць жыла сабе каралеўна Людвіка Першая Жаласлівая. У гэтай краіне працавалі і зараблялі грошы сур’ёзныя людзі, якія не мелі часу на тое, каб плакаць (і смяяцца таксама). Лічылася, што ўсе ў гэтай краіне шчаслівыя, бо ніхто не смяецца і не плача. Пры сустрэчы сур’ёзныя людзі не размаўлялі ні пра кветкі, ні пра надвор’е, а казалі адно: «Грошы-грошы, грошы-грошы, грошы-грошы».

Аднак каралеўна была несур’ёзная, бо шкадавала ўсіх бедных (а такія ў краіне, на жаль, былі). У кожнай беднай хаце ведалі, што такое каралеўскі гасцінчык — каралеўскія пончыкі, аладкі і клёцкі, бо іх прыносіла з каралеўскай кухні Жаласлівая каралеўна.

Аднойчы каралеўна гуляла ў садзе разам са сваёй фрэйлінай.

— Навошта вы мяне ў лужыну штурхаеце? — сярдзіта казала фрэйліна.

— Прабачце, але вы маглі наступіць вунь на тую зялёненькую жабку…

— Які жах! — сказала фрэйліна і знепрытомнела.

Фрэйліна часта губляла прытомнасць, усе да гэтага прызвычаіліся. Таму каралеўна не спалохалася і нават паспела вызваліць з павуціння мушку-зелянушку.

Мушка ўмела размаўляць. Яна таксама была каралеўна, толькі мушыная. На яе зялёненькай галаве ззяла маленечкая залатая карона.

— Дзякуй табе, каралеўна, што выратавала мяне з лапаў гэтага кашлатага павука, — прамовіла каралеўна Мушка. — За гэта я скажу, дзе тваё шчасце. Яго прынясе табе чалавек, у якога на пальцы будзе зялёны пярсцёнак.

— Дзякуй! — сказала каралеўна. — Я і так шчаслівая. У нашай краіне ўсе шчаслівыя. Такі ў нас закон.

— 3 кім гэта вы размаўляеце, ваша высокасць? — запыталася фрэйліна, якая да гэтага часу ўжо апрытомнела. — 3 павуком?

— Не, з мушкай-зелянушкай, — адказала каралеўна, якая не ўмела хлусіць.

— Які жах! — прамовіла фрэйліна і зноў знепрытомнела. А пасля таго як ачуняла, пайшла дакладваць каралю Генрыху Адзінаццатаму Сур’ёзнаму пра паводзіны дачкі.

«Як гэта несур’ёзна, — падумаў кароль, выслухаўшы аповед фрэйліны. — Жабкі гэтыя, жучкі, чарвячкі… Ці ж можна іх шкадаваць, калі яны шкоднікі? А вось нашаму бізнесу такая жаласлівасць сапраўды на шкоду. Трэба яе хутчэй замуж аддаць, каб стала сур’ёзнай».

Назаўтра перад каралеўскім палацам стаяў натоўп жаніхоў — каралёў ды каралевічаў. Яны былі шыкоўна прыбраныя, шпагі іх зіхацелі золатам і дыяментамі. Яны ўсе былі, казаў той, паспяховыя людзі, бо кожны меў свой бізнес. Міжсобку яны размаўлялі толькі пра пасаг нявесты.

— Грошы-грошы, грошы-грошы, грошы-грошы… — шапацеў натоўп жаніхоў.

А некаторыя мармыталі:

— Моnеу-mоnеу, mоnеу-mоnеу, mоnеу-mоnеу…

Што таксама азначае «грошы-грошы», толькі не па-наску.

Каралеўна мусіла размаўляць з імі пра кошты на рынку і курс валюты. Але яна не марнавала часу і паспела перавязаць лапку параненаму вераб’ю. Гэта было заўважана жаніхамі, і яны пачалі паміж сабою перашэптвацца:

— Жаласлівая! На паляванне з ёю не паедзеш. Ваяваць забароніць. Не патрэбна нам такая жонка!

І жаніхі памалу пачалі разыходзіцца. Толькі адзін застаўся, зусім не падобны да іншых…

аповесці

Васючэнка, П. Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі : казачныя аповесці / Пятро Васючэнка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 97 с. : іл.

Нішчымніца

Мо хто чуў, як паны Кубліцкі ды Заблоцкі з’елі свае боты?

Ды не, ніякага паморку, ніякага голаду не было тады ў нашай старане. Дый у паноў спачатку мелася ўсяго ўдосталь — і хлеба, і да хлеба. Але ж і жэрлі яны — што ў бяздонны мех тапталі. Пан Кубліцкі на сняданак, бывала, аплятаў засмажанага вепрука. Пан Заблоцкі адным махам мог выпіць цэлую барылу мёду. Нядзіўна, што гаспадарка ў абодвух звялася на нішто. Гаёк, палеткі, паша, каровы, свінні, птаства — усё ляснула з-за вялікай панскай ахвоты да яды. Засталася на дваіх адна ўбогая хаціна, у падполлі — вецер ды галодныя мышы. Ні курчаці, ні парасяці, хлеба ані каліва.

Пан Кубліцкі, надзьмуты, быццам вожыка праглынуў, ляжыць на лаве, глядзіць на партрэты сваіх продкаў ды вохкае. Пан Заблоцкі ў вялікай злосці ходзіць ад сцяны да сцяны, моцна грукаючы ботамі і раз-пораз хапаючыся за бок, дзе раней прычэплена была шабля (ужо няма шаблі, аддаў мужыкам за тры колцы кілбасаў). Тады пан Кубліцкі, скрывіўшыся, будзе казаць:

— Хай бы пан падбіваў боты не зялезнымі, а драўлянымі цвікамі — танней і менш грукату.

На гэта пан Заблоцкі даволі груба адказвае:

— Хай бы пан не брахаў абы-чаго, а пайшоў бы ў вёску ды папрасіў у мужыкоў хлеба!

Такі ён апечаны, пан Заблоцкі, толькі яго крані — адразу пырхне. Але і пан Кубліцкі свой гонар мае.

— О не, — кажа, — я не магу прасіць у мужыкоў-лапатнікаў, хутчэй я свае боты з’ем.

Што ж, і намовіў на сваю галаву. Дажыліся — што адно боты й засталося кінуць у варыва. Балазе ў паноў боты дыхтоўныя, са свінячае скуры, шмальцам падмазаныя

.

Раскладваюць агонь, набухторваюць вады ў чыгун, скідваюць боты — і туды ж, у чыгун. Вараць больш як паўдня, тады здымаюць чыгун з агню і сёрбаюць поліўку гэтак спраўна, што насы ўпрысядкі гуляюць. Пад’еўшы, кладуцца на лавы і спачываюць. Босыя, затое наетыя ад пуза.

I што, пытаецеся вы, ці разбалеліся панскія жываты? Ані. Адно ў пана Кубліцкага, як ён быў далікатнага складу, трохі бурчэла ўсярэдзіне. Дык ён злаваўся і доўга вымаўляў пану Заблоцкаму:

— Казаў жа, каб не падбіваў пан боты зялезнымі цвікамі. Драўляныя — яны больш уежныя.

затока

Васючэнка, П. Каляровая затока : экалагічная казка / Пятро Васючэнка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 143 с. – (Казкі ХХI стагоддзя).

Гісторыя першая

Пра тое, як Каляровую затоку наведаў Апантаны Рыбалоў
(урывак)

Жыў-быў Апантаны Рыбалоў. Дзе б ён ні з’явіўся, яму заўжды крычалі: «Здароў, апантаны! Зноў рыбу лавіць будзеш?» Дзіва што яго паказвалі па тэлевізары. У Амазонцы ён лавіў піраньяў, у якіх сківіцы — што тая бензапіла, у Калумбіі — аравану, чыя луска пераліваецца вясёлкавымі фарбамі, у Афрыцы — электрычнага сама, які ў падзяку стукнуў яго токам напругаю ў 350 вольт, у Інданезіі— рыбу-пырскуна, што плюнуў яму ў нос, у Венгрыі — экзатычнага малога шчупачка з дзіўнай мянушкаю яўдошка, у Балтыйскім моры — міногаў, рыб не рыб, гэтакіх паразітаў, у Байкале — тлустага омуля, якога нідзе, апроч Байкала, не знойдзеш, у Кітаі — белага амура, на Дунаі — тайменя вагою з два пуды, а ў нашай родненькай Беларусі лавіў печкура, уюна і стронгу. Бачылі нават, як ён з ліхтарыкам і ў аквалангу апускаўся на дно акіяна і вылавіў там рыбу-сякерку : чорнага хіязмадона, страшных-страшных. Не было ў свеце калюжыны, дзе б ён каго-небудзь не злавіў. Нават у сябе дома ў ванне ён вылавіў ці то салаку, ці то русалку з рыбіным хвастом.

Зловіць рыбку, сфатаграфуецца з ёю, пацалуе ў носік і выпусціць назад у ваду. Вялікі дзівак ён быў, гэты Апантаны Рыбалоў.

Я дык мяркую, што і ад такой гуманнай рыбалкі рыбе было мала радасці. Бо каму прыемна, калі цябе цягнуць за кручок у губе. Паспрабаваў бы замяніцца з рыбай месцамі. Была б такая карцінка: здаравенны сом цягне яго з берага ў вір, а ён на лёсцы трапечацца. Тады б яму не да фотаздымкаў было б. Але не пра тое цяпер гаворка.

Аднойчы Апантаны Рыбалоў даведаўся аднекуль, можа з газет або з Інтэрнету, што ёсць на свеце Каляровая Затока, дзе рыба зусім не ловіцца. Як бы яна і ёсць, але ніякімі прысмакамі яе не прынадзіць.

— Каляровая Затока кідае мне выклік, — абвясціў Апантаны Рыбалоў, адключыў камп’ютэр, сабраў свае вуды і пайшоў купляць білет на самалёт.

Тэхніка — вялікая рэч. Раніцай Апантаны Рыбалоў ляцеў над гарамі і далінамі, а ў абед кружляў над Каляровай Затокай. Зверху было бачна, як пераліваліся на яе паверхні вясёлкавыя кругі…

Вверх