Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Пашкоў Генадзь

75 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Генадзя Пашкова ў нашых бібліятэках

Пашкоў Генадзь Пятровіч (1948) — паэт, перакладчык, публіцыст. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1977 года. Лаўрэат літаратурнай прэміі камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Нарадзіўся 23 сакавіка 1948 года ў в. Ліпавічы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. На пачатку пяцідзясятых разам з бацькамі пераехаў у Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Жылі на хутары ля вёскі Войстам. Гэта былі самыя светлыя і шчаслівыя гады ў жыцці паэта.

Пасля заканчэння Войстамскай сярэдняй школы вучыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Потым працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, у часопісах «Полымя», «Тэатральная Беларусь», галоўным рэдактарам «Цэнтральнай газеты».

Менавіта ў рэдакцыі «Полымя» пачалася плённая дзейнасць Генадзя Пашкова над паэтычным радком, мастацкім вобразам. Настаўнікам і дарадцам для яго на той час быў выдатны майстар мастацкага слова Анатоль Вялюгін.

Шмат гадоў Генадзь Пашкоў аддаў тытанічнай працы ў якасці дырэктара — галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». Пры ім выйшла 18 тамоў універсальнай беларускай энцыклапедыі, асноўныя тамы 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», распачата шматтомная серыя «Гарады і вёскі Беларусі».

Творчая біяграфія

Генадзь Пашкоў — адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў паэтычнага пакалення, якія пачыналі ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Ён аўтар каля двух дзясяткаў кніг паэзіі і дакументальнай прозы. У 1975 пабачыла свет яго першая паэтычная кніга «Кляновік». Амаль адначасова выступіў і як публіцыст. У 1977 годзе надрукавана яго кніга нарысаў «Будзень як свята». Потым выйшлі зборнікі паэзіі «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990), «Тваім святлом благаславёны» (2006), «Званы юнацтва» (2012, паэзія, проза) і інш.

Паэзія Генадзя Пашкова напоўнена светлымі фарбамі і чысцінёй. Галоўныя крыніцы яго творчага натхнення — непаўторная беларуская прырода, багатыя жыццёвыя назіранні. Генадзь Пашкоў стварыў шмат новых вобразаў, ён ганарыцца выдатнымі суайчыннікамі, з шанаваннем ставіцца да велічнага і гераічнага мінулага Беларусі. Цыкл яго вершаў, прысвечаных каханню, чымсьці падобны да паэмы. Каханне ў яго творчасці ўзнёслае і рамантычнае, сарамлівае і пяшчотнае. Паэт абагаўляе жанчыну, захапляецца яе хараством, душэўнай пяшчотай.

Генадзь Пашкоў шмат падарожнічаў. Як сам пісьменнік прызнаецца, найбольш па душы выдаліся тры падарожжы-экспедыцыі з сябрамі на вёслах па Прыпяці і Гарыні. Вынікам гэтых паездак стаў лірыка-дакументальны дзённік «Палескія вандроўнікі» (1988) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды.

Для дзяцей выдаў зборнікі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1991), «Зорнае поле» (1999), «Вясёлыя канікулы» (2016). Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «Я зямлю люблю так…» (пастаўлены ў 1978).

Вверх