Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyrlib.by
Войти


Уладзімір Ліпскі

80 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Уладзіміра Ліпскага ў нашых бібліятэках

Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі (1940) — пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, кавалер ордэнаў св. Дзмітрыя, Ф. Скарыны. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1979 года.

Нарадзіўся 6 мая 1940 года ў вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.

У 1960 годзе скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці. Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (1960-1964), у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1964-1967). Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966). З 1964 года працаваў у раённым друку, у 1968-1976 — у апараце ЦК ЛКСМБ. У 1976-1978 гадах — адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У 1978 годзе па рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка». Пад яго кіраўніцтвам рэдакцыя плённа супрацоўнічае з установамі адукацыі і культуры, праводзіць важныя грамадскія акцыі, накіраваныя на далучэнне дзяцей да свету мастацкай літаратуры, узбагачэнне іх светапогляду.

У 1988 годзе Уладзімір Ліпскі быў абраны старшынёй праўлення Беларускага дзіцячага фонду, а затым віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар правядзення і пастаянны старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Творчая біяграфія

Багатая літаратурная спадчына Уладзіміра Ліпскага вызначаецца тэматычнай і жанравай разнастайнасцю. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакументальных аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Савецкага Саюза Зінаіду Міхайлаўну Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі…» (з Б. Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Германію) і інш.

Выдаў зборнікі прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі яго аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Жарты, анекдоты, якія запісаў пісьменнік у вёсцы Аўцюкі Калінкавіцкага раёна, склалі кнігу «Аўцюкоўцы» (1995). Аповесць «Я: праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998) створаная на архіўных і дакументальных матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Дзяцінства — важны этап жыцця… Гэтая думка часта гучыць у хроніка-дакументальных кнігах «Мама. Малітва сына» (1999), «Бацька. Пісьмы сына» (2004).

Сярод літаратурнай спадчыны пісьменніка значнае места займаюць творы для дзяцей. Яны пазбаўлены залішняй павучальнасці, аўтар размаўляе з юным чытачом на даступнай, зразумелай дзецям мове. Творы насычаны займальнымі прыгодамі, нечаканымі пытаннямі і заданнямі, цікавымі размовамі, якія запрашаюць чытачоў да самастойных разважанняў і творчага выказвання думак. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т.л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Марынчына казка» (1977), «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1982), «Як Бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука» (1993), «Каралева белых прынцэс» (2001), «Янкаў вянок» (2009, дзецям пра Янку Купалу) і інш.

Кніга «Я тут жыву» (2008, дзецям пра Беларусь) распачынае краязнаўча-дакументальны цыкл твораў, у якіх Уладзімір Сцяпанавіч запрашае дзяцей да цікавага падарожжа па родным краі. «Свіцязянская русалка» (2009), «Вясёлка над Нёманам» (2011) — кнігі нарысаў, прысвечаныя раёнам Гродзенскай вобласці, «Гомельская зямля — радзіма твая і мая» (2013) — знаёміць з адметнымі мясцінамі Гомельшчыны.

Грамадская і літаратурная дзейнасць У. Ліпскага адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурных прэмій імя Я. Маўра, В. Віткі, Міжнароднай прэміі А. Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі.

Вверх