Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyrlib.by
Войти


Гілевіч Ніл

90 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Ніла Гілевіча ў нашых бібліятэках

Ніл Сымонавіч Гілевіч (1931-2016) – беларускі паэт, літаратуразнаўца, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч, Народны паэт Беларусі, Заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1954 года.

Нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. У вялікай сям’і Гілевічаў усе любілі песню, перш за ўсё беларускую народную. Як сцвярджае сам паэт, усё і пачалося з гэтай народнай песні, якая адкрыла для дзіцячай душы вялікае цуда паэзіі і навек акрыліла любоўю да бацькоўскай зямлі і да роднага слова.

Вучыўся ў Слабадской сямігодцы і рана палюбіў кнігу, шмат чытаў. У роднай вёсцы перажыў акупацыю. Юны разведчык Ніл Гілевіч трапіў у рукі фашыстаў. На шчасце — пашанцавала, але след ад перажытага застаўся назаўсёды.

Пасля вайны працягваў вучобу ў школе, працаваў калгасным паштальёнам. У 1947 годзе паступае ў Мінскае педагагічнае вучылішча, на апошнім курсе якога становіцца членам літаратурнага аб’яднання пры «Чырвонай змене». Педвучылішча закончыў выдатна (1951) і ў тым жа годзе без экзаменаў прыняты на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля была аспірантура. Абараніў кандыдацкую дысертацыю і больш дваццаці гадоў аддаў выкладчыцкай працы на кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта. Займаўся вывучэннем фальклору. З 1980 па 1989 гг. з’яўляўся першым сакратаром праўлення СП Беларусі. У 1991 годзе Нілу Сымонавічу прысвоена ганаровае званне Народнага паэта Беларусі.

Творчая біяграфія

Пачаў пісаць вершы яшчэ да вайны. У 1946 годзе ў часопісе «Бярозка» Ніл Гілевіч упершыню выступіў у друку з вершам-апавяданнем «Яблынька». З таго часу яго вершы рэгулярна сталі з’яўляцца на старонках «дзіцячай», а затым і «дарослай» перыёдыкі. У 1947 годзе, калі паэту не было яшчэ і шаснаццаці, удзельнічаў у Першай рэспубліканскай нарадзе маладых пісьменнікаў, — разам з такімі маладымі тады літаратарамі, як Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Мікалай Аўрамчык і інш.

Творчасць Ніла Гілевіча шматгранная, пісаў у розных жанрах. Але самыя большыя яго дасягненні ў галіне паэзіі. Тэма прыроды, асэнсаванне гістарычнага лёсу Радзімы, нацыянальны побыт і працоўны ўклад сялянскай сям’і, выпрабаванні ваенных гадоў займае значнае месца ў яго паэтычных творах.

Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Потым выходзяць зборнікі паэзіі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Талісман» (1994), «Замова ад страху» (2009), «Мая муза — беларусачка» (2019) і інш.

Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хвалявала творца. Гэта адзін з самых глыбока прадуманых твораў, якому паэт аддаў дванаццаць гадоў натхнёнай і рупнай працы. Спрадвечная ў сусветным мастацтве трагедыя кахання ў Гілевічавым творы набыла новы, вельмі сучасны сэнс. Ён ствараўся з улікам усведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сацыяльныя і духоўныя каштоўнасці.

Аўтар твораў для дзяцей «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987), «Мой белы дзень» (1992) і інш. Вобразы дзяцей сустракаюцца ў шэрагу вершаў і ў аўтабіяграфічных паэмах.

Паспяхова працаваў і ў жанры сатыры і гумару, пра што сведчаць зборнікі: «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці два» (1970), «У добрай згодзе» (1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзяржаўнай прэміяй беларусі імя Я. Купалы, 1980) і інш. Вытокі смеху Ніла Гілевіча — у невычэрпнай скарбніцы народнага гумару.

Выдаў зборнік п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіяграфічную аповесць «Перажыўшы вайну» (1988).

Апрача гэтага плённа дзейнічаў і ў навукова-даследчай галіне. Упершыню ў літаратуразнаўстве ён грунтоўна даследуе паэтычную спадчыну маладнякоўцаў, піша навукова-папулярны нарыс пра песеннае багацце беларускага народа. Укладальнік і навуковы рэдактар зборнікаў фальклору «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш.

У 50-х гадах Ніл Гілевіч зацікавіўся балгарскай літаратурай. Выйшаў не адзін дзясятак зборнікаў у яго перакладах, найперш з балгарскай мовы. Дарэчы, ён адзін з першых сярод беларусаў быў узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені, у 1986 годзе атрымаў Міжнародную прэмію імя Х. Боцева, медаль Францыска Скарыны (1990).

Шмат лірычных вершаў паэта пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі такімі, як А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны, М. Пятрэнка, Э. Ханок і інш.

Шырокую папулярнасць набыла песня на словы паэта «Вы шуміце, бярозы!» у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Сябры» (кампазітар Эдуард Ханок).

Слухаць песню онлайн

Вы шумите, березы – ВИА «Сябры» – YouTube [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.youtube.com/watch?v=kEyckU9Ery8. – Заглавие с экрана.

Вверх