Гальпяровіч Навум
Анатаваны спіс
Гальпяровіч, Н. На трапяткім агні : навелы, эсэ, публіцыстыка / Навум Гальпяровіч. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – 160 с.
Твор са сборніка
«Кароль» (урывак)
Полацк — не Адэса, ды і я — не Бабель, але дзіўна, што, калі я, ужо будучы студэнтам, упершыню прачытаў пра славутага Беню Крыка, мне адразу ўзгадалася нешта падобнае ў куміры майго юнацтва, назавём яго, да прыкладу, Мішка, бо ён і сёння палачанін, і хто ведае, як успрыме гэты мой аповед, калі, канешне, прачытае.
Пра тое, як я раптам са звычайнага сціплага хлопчыка і выдатніка стаў даволі неблагім футбалістам, вядомым нават гарадскім заўзятарам, я ўжо распавядаў. Дык вось менавіта ў той час выхаду з падлеткавага стану і пакутлівага самасцвярджэння лёс і звёў мяне з Мішкам і яго камандай, рамантычнымі каралямі вуліц і вулак майго роднага горада, якія сцвярджалі сваё права на гэта ўдробных і буйных сутыкненнях з грамоўскімі ці задзвінскімі, себежскімі і іншымі групоўкамі, на якія быў падзелены наш невялікі гарадок.
Гэта былі не сённяшнія «разборкі» са стрэламі, ножыкамі і касцетамі, з нечалавечай жорсткасцю і цынізмам. Адзінае, што магло пайсці ў ход — гэта штыкетнік, ды і то рэдка, а ў асноўным баявая перамога дасягалася моцай кулакоў і спрытам.
Дык вось пра Мішкавы кулакі і смеласць хадзілі легенды. Мой аднакласнік Воўка Хадоранка быў асаблівы майстар на іх, і з яго гарачай хуткагаворкі перада мной паўставаў нейкі Робін Гуд ці Айвенга — бясстрашны, моцны, справядлівы.
Гэтага Робін Гуда мне давялося ўбачыць на свае вочы неўзабаве. Здарылася тая сустрэча на беразе Палаты ў летні спякотны дзень, куды мяне Воўка неяк зацягнуў пакупацца. То было не наша месца, бо мы звычайна купаліся каля Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра або крыху далей, дзе некалі быў млын і Палата выглядала значна шырэйшай. А тут, бліжэй да ліцейкі, маленечкага заводзіка, непадалёк ад Чырвонага моста, я практычна не бываў ніколі. Стыхійны пляжык быў у самым нізе высокай стромы, з палоскай жоўценькага пяску і з заліўным лугам насупраць, дзе выдзяляліся плямы дзьмухаўцоў і пасвіліся козы.
Мы з Воўкам распрануліся і паволі ўвайшлі ў жоўтую і хуткаплынную палатоўскую ваду, якая прыемнай прахалодай аблашчыла самлелае ад спякоты цела. Плаваць я навучыўся прыкладна ў той час, як і гуляць у футбол, таму нешырокая Палата была якраз па мне, і я з уяўнай ліхасцю лёгка пераплыў на супрацьлеглы бок.
Раптам у хмызах і зарасніках з вышыні правабярэжжа загрукатала ўніз старое веласіпеднае кола. Пляжык напоўніўся дзявочым віскатам і мужчынскімі мацюкамі. I тут я ўбачыў аднавокага хлопца-суседа па мянушцы Касы, які нядаўна прыйшоў з калоніі, некалькі яго хаўруснікаў, а насупраць загарэлыя постаці незнаёмых хлопцаў, сярод якіх вылучаўся невысокі, з бронзавым загарам і па-жаночаму прыгожым тварам, на якім выдзяляліся крыху мангольскага разрэзу вочы і шырокая белазубая ўсмешка.
— Глядзі, глядзі, Мішка Фурман, — горача зашаптаў мне на вуха Воўка. — Што зараз будзе!..
Цалкам размовы паміж бакамі з таго берага чуваць не было. Толькі адна фраза данеслася да мяне. Сказаў яе Мішка:
— Я табе, дрэнь, людзей палохаць не дам!
Затым адбылося некалькі кароткіх рухаў і хаўруснік Касога, падымаючыся з пяску і адплёўваючыся, хутка адбегся ўбок з гучнымі мацюкамі. Касы таксама нешта пагрозліва крыкнуў і разам з хеўрай пакінуў поле бою.
Я пільна прыгледзеўся да Мішкі. Ён быў увесь пакрыты роўным залацістым загарам і нагадваў нейкую старадаўнюю статуэтку. Нягледзячы на малы рост, ён выглядаў стройным і падцягнутым, з рэльефнай мускулатураю і вялізнымі кулакамі, тымі славутымі кулакамі, пра якія я ўжо быў начуты. 3 лянівай грацыяй ён павярнуўся да сябрукоў, нешта весела ім сказаў, і ўсе дружна пайшлі ў ваду.
Дома я ўзгадваў гэты эпізод некалькі разоў, бы кінастужку, пракручваў яго ў сваёй памяці. Гэтыя бронзавыя постаці, гэты высакаваты Мішкаў голас і слова «дрэнь» замест звыклых у такіх выпадках мацюкоў, гэтая пераможная ўсмешка будзілі ў маёй душы дзіўнае захапленне, прагу такой вось мужнай упэўненасці і сілы.
Так на пэўны час Мішка Фурман, Мішка-Кароль стаў маім кумірам. Я пачаў бываць на танцпляцоўцы, куды хадзіў ён са сваёй кампаніяй…
Гальпяровіч, Н. Насцеж : вершы, навелы / Навум Гальпяровіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 222 с.
Вершы са зборніка
Я зноў на ліст перакладаю
З таемнай мовы ручаін,
Бяроз, напоўненых адчаем,
Самотных, сцішаных рабін.
Лаўлю няўлоўную удачу,
Шукаю адпаведных слоў…
Я толькі сціплы перакладчык
Палёў прыдзвінскіх і лясоў.
⚹ ⚹ ⚹
Захавай маю мову, чарговы наш век,
Захавай, як лясы, сенажаці, азёры,
Як світанне ў расе, як сцяжынку ў траве,
Як у жніўнай начы адзінокія зоры.
Гэтай мовай я словы любові шапчу
Да жанчыны, да краю, адзінага ў свеце,
Да ўсяго, чым я смутак асенні лячу
I надзею ў душы зноў спялю на дасвецці.
Захавай маю мову для родных маіх,
Захавай не як памяць, як кветку жывую,
Захавай маю мову, як зрок і як слых,
Як мелодыю свету, якую я чую.
Гальпяровіч, Н. Подых пяшчоты : проза / Навум Гальпяровіч. – Мінск : Звязда, 2019. – 240 с.
Урывак з аповесці
«Подых пяшчоты»
Аўтобус няўмольна аддаляўся. Здаецца, толькі секунду таму яшчэ гарэлі заднія чырвоныя ліхтары, а ўжо цемра схавала сілуэт, пакідаючы толькі слабы гул матора, які паступова рабіўся ўсё цішэй і цішэй.
Андрэй прыпыніў бег, пераканаўшыся, што даганяць далей дарэмна. Сэрца калацілася ў грудзях, кроплі поту сцякалі па лбе.
«Трэба патэлефанаваць хутчэй, там жа ўсе свае, хай скажуць шафёру, каб спыніўся, пачакаў крыху», - мільганула думка. Але мабільніка чамусьці не было.
«Як так, дзе ж я мог яго згубіць? — роспачна думаў Андрэй. — Як назло!»
I тут раптам мабільнік азваўся меладычным звонам.
Андрэй прачнуўся, адкінуў коўдру, намацаў мабільнік на тумбачцы, выключыў будзільнік. Ён быў увесь мокры ад поту, пакамечаная прасціна сведчыла, што пакруціўся на ёй за ноч ён дужа не слаба.
Каторы раз прыходзілі яму пад раніцу падобныя сны: то ён спазняўся на цягнік ці на самалёт, то ўсе сябры, з якімі ён быў у камандзіроўцы, пакідалі яго ў гатэлі аднаго… Доктар, цудоўная чулая жанчына, казала, што гэта ўсё ад ягонай стэнакардыі, раіла піць перад сном нешта заспакаяльнае.
Андрэй устаў, падышоў да акна. Шарэла. Церусіў дробны дожджык, і бронзавы Скарына насупраць, на плошчы, здавалася, увесь скукожыўся. «Бедны Францішак, — усміхнуўся Андрэй. — I не схавацца, бо з п’едэстала не зрушыць, і парасона няма».
Стала крыху спакайней. Тут, у родным горадзе, было досыць нязвыкла глядзець незнаёмую плошчу з гатэльнага акна. Андрэй успомніў, як урачыста адкрывалі гэты помнік, і ён, хлапчук з полацкай ускраіны, заварожана глядзеў, як спадала з бронзы белае палатно, і воку адкрывалася постаць славутага палачаніна.
«Вось бы напісаць пра гэта, але ці ўдасца перадаць усё тое дзіцячае захапленне, тое трапяткое пачуццё радасці і гонару і адчуванне далучэння да нечага велічнага і таямнічага», — думаў Андрэй, апранаючыся. Ён ведаў, што часам яго блізкія пасмейваюцца з ягонай сентыментальнасці, юначага максімалізму ў яго сівыя гады, але нічога з сабой зрабіць не мог. У асяроддзі такіх жа краязнаўцаў, як і ён, Андрэй быў аўтарытэтам, хадзячай энцыклапедыяй. I тэма яго дысертацыі, і шматлікія артыкулы былі ў асноўным пра Полацк ці пра падзеі, звязаныя з полацкай зямлёй. 3 ранняга дзяцінства Андрэй ва ўяўленні падарожнічаў па падземных хадах, што ішлі ад Сафіі, разам з Усяславам Чарадзеем, скакаў праз начны лес ад Кіева ў родны Полацк, біўся з напалеонаўскім войскам на Чырвоным мосце.
Яго настаўнік гісторыі Якаў Аляксандравіч, якога Андрэй паважаў, як самага дасведчанага ў свеце чалавека, бачыў захапленне хлапчука і раіў яму пісаць гісторыю роднай вуліцы. I яны разам з сябрам па гістарычным гуртку Толікам Васіленкам хадзілі па хатах, запісвалі ў сшыткі расповеды пра арцель «Праўда», пра нафтабазу, пра чыгуначны тупік… Андрэй спрабаваў нешта даведацца больш пра блізкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, але Толік яго стрымліваў, казаў, што ягоны бацька не раіць чапаць багамолак.
Хто ведаў тады, што вуліца іх стане называцца вуліцай Ефрасінні Полацкай і што па ёй будуць ездзіць шыкоўныя турыстычныя аўтобусы да манастырскіх варот?..
Гальпяровіч, Н. Сюжэт для вечнасці : вершы, проза / Навум Гальпяровіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. – 255 с.
Балада пра званочак
Ад роднай хаты, ад бацькоўскіх ніў
У свет вялікі — дальняя дарога.
Былы хлапчук не раз праз слёзы сніў,
Праводзіла як маці ад парога.
Званок маленькі у руку дала
I наказала: - Памятай, сыночак,
Што ты заўжды са мной, а хопіш зла,
То пазвані хутчэй у мой званочак.
Ішлі гады, мільгалі гарады,
Кватэры, бары, модныя гатэлі…
I зарасталі памяці сляды,
I валасы на скронях пасівелі.
I ўспомніў раптам пра званочак той
I сцежку запаветную ад дому
Хлапчук былы з сівою галавой,
Што ў шлях пайшоў аднойчы невядомы.
Ды недзе ў сховах кейсаў і валіз,
Прапаў той даўні маці падарунак,
Што клікаў праз пралескі і палі,
Нібы маяк і радасны ратунак.
У што званіць? I надышоў адчай,
I сэрца боль апанаваў пякучы.
I паглядаў паныла з-за пляча
Пясок пустыні, шэры пыл калючы.
3 царквы трывожна адгукнуўся звон…
I апусціўся моўчкі на калені
Сівы мужчына. I успомніў ён
Святыя словы даўняга малення.
I адступалі сны і міражы,
I морак шэры адзінокай ночы.
I маці адгукалася ў душы,
Як запаветны згублены званочак.
Гальпяровіч, Н. Час лістападу : выбранае / Навум Гальпяровіч. – Мінск : Чатыры чвэрцi, 2018. – 112 С. : іл.
Вершы са зборніка
⚹ ⚹ ⚹
Гляджу на свой радок, нібы па цуд, -
Вось толькі што з’явіўся на паперы.
Яшчэ ён недзе там, а я ужо тут.
I нібы зноў зачыненыя дзверы.
Дык хто маёй рукою напісаў
Яго на белым палатне халодным,
Хто дух зрабіў высокім і свабодпым
I мне часціпку існасці аддаў?..
Гляджу, як на пачатак і выток,
На вязь няроўпых і паспешных літар
I бачу не напісаны радок,
А новы свет, таемпы і вялікі.
⚹ ⚹ ⚹
Няўжо цяпер камусьці трэба
Адчуць, істотаю сваёй
Сасновы бор па фоне неба
I пошум крылаў за спіной?
Няўжо камусьці сэрца паліць
(Бо гэта не вярнуць назад)
Аб пацалунку першым памяць,
ІІІто захаваў далскі сад?
Няўжо і сёння на світанні
У празе ўвссь Сусвет любіць
Дзяўчына ў ранішнім тумане
Пяшчотна слёзы стане ліць?
Гальпяровіч, Н. Віцебск – горад майстроў і мастакоў / Н. Я. Гальпяровіч, Н. Г. Ваніна, Т. М. Сівец. – Мінск : Пачатковая школа, 2013. – 96 с. : іл. – (Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі).
Гальпяровіч, Н. Гродна. На заходняй мяжы Айчыны / Н. Я. Гальпяровіч, Н. Г. Ваніна. – Мінск : Пачатковая школа, 2012. – 96 с. : іл. – (Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі).
Гальпяровіч, Н. Полацк – бацька гарадоў беларускіх / Н. Я. Гальпяровіч, Н. Г. Ваніна. – Мінск : Пачатковая школа, 2010. – 96 с. : іл. – (Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі).
Гальпяровіч, Н. / [Н. Я. Гальпяровіч і інш]. – Мінск : Пачатковая школа, 2011 – 168 с. + 1 электронны аптычны дыск (CD-ROM). – (Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі).