Пра час, асобу і народ
Сёлета святкуе свой юбілей знакаміты зямляк мазыран — пісьменнік Андрэй Федарэнка. Яго творчасць знаёма многім беларусам. Нашы калегі з Магілёўскай вобласці правялі цікавае мерапрыемства, з якім прапануюць пазнаёміцца ўсім карыстальнікам сайта.
23 студзеня 2019 г. ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна прайшла літаратурная гадзіна «Пра час, асобу і народ», прысвечаная 55-годдзю вядомага беларускага пісьменніка Андрэя Федарэнкі.
Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра жыццёвыя вехі і творчы лёс юбіляра, ураджэнца вёскі Бярозаўка Мазырскага раёна суседняй Гомельшчыны, і адзначыла, што наша літаратура атрымала ў асобе Андрэя Федарэнкі новае маладое дыханне, якое вельмі сугучнае тому высокаму ўзроўню, на які ўзнеслі беларускае прыгожае пісьменства больш старэйшыя літаратары. Андрэй Федарэнка заўсёды добра адчувае сябе ў розных жанрах — ад дзіцячай казкі да гістарычных і фантастычных аповедаў. А мы заўжды атрымліваем вялікае захапленне ад сакавітай шматвобразнасці гэтых твораў, добрай беларускай мовы і ўдумліва-паважлівых адносін пісьменніка як да сваіх літаратурных герояў, так і да чытачоў.
У выкананні Аліны Кавалевай, Аляксандры Івановай, Андрэя Шыпіцына і Аліны Куляшовай прагучалі творы Андрэя Федарэнкі.
Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры пісьменнік Мікола Яцкоў расказаў аб шматлікіх літаратурных узнагародах Андрэя Міхайлавіча і аб сваіх сустрэчах з гэтым вельмі сціплым, адкрытым і ветлівым чалавекам.
Прысутныя з вялікай цікавасцю пазнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай і з аўтографамі А. Федарэнкі для чытачоў Брылёўскай бібліятэкі.










23 января |
Заметили ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter