Главная | Библиопалитра | Літаратурны каляндар | Пісьменнікі-юбіляры-2017 | Пташнікаў Іван

Пташнікаў Іван

85 гадоў з дня нараджэння

Пташников

Іван Мікалаевіч Пташнікаў (1932-2016) – беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 7 кастрычніка ў вёсцы Задроздзе Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

Скончыўшы ў 1951 годзе Плешчаніцкую беларускую сярэднюю школу, Пташнікаў паступіў у Беларускі тэатральны інстытут на акцёра. Але не вучыўся, вярнуўся дамоў.

У 1952 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыў у 1957 годзе. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957-1958), часопісах «Маладосць» (1958-1962), «Полымя» (1962-1995).

У 1957 годзе, калі Іван Пташнікаў быў яшчэ студэнтам апошняга курса, у часопісе «Полымя» была надрукавана аповесць «Чачык». Менавіта з гэтай аповесці пачынаецца яго творчая біяграфія.

Пасля з’яўляюцца іншыя новыя творы пісьменніка. Яны склалі першую кнігу апавяданняў і аповесцей «Зерне падае не на камень» (1959).

Творчасць Івана Пташнікава – гэта творчасць аднаго з самых таленавітых і яркіх прадстаўнікоў свайго пакалення, пакалення дзяцей вайны. Чароўны свет прыроды, жыццё людзей, іх праца, побыт, узаемаадносіны, іх барацьба за незалежнасць і аднаўленне роднага краю, іх мужнасць і шчодрасць душы – усё гэта фарміравала духоўны свет пісьменніка, яго творчую натуру.

Асаблівае месца ў творах Івана Пташнікава займае тэма вайны.

Апавяданні «Алёшка», «Алені», «Бежанка», «Эфка» пра падлеткаў, якія сталелі ў выпрабаваннях вайны і першых пасляваенных гадоў.

У аснову аповесці «Тартак» (1967) пакладзены канкрэтны фактычны матэрыял: тpaгiчны лёc вёcкi Дaльвa, якaя былa cпaлeнa фашыстамі разам з людзьмі зa cyвязь яe жыxapoў з пapтызaнaмi. Трагедыя Дальвы, паводле слоў пісьменніка, «гэта трагедыя беларускай вёскі 1943 года». Паводле сцэнарыя аўтара ў 1973 годзе зняты аднайменны фільм на Беларускім тэлебачанні.

Аповесць «Найдорф» (1975, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа ў 1978 годзе) прысвечана апошнім дням, нават гадзінам вайны, вайны партызанскай, і першым дням міру на гэтай зямлі. Вярнуліся з лесу людзі. Але нялёгка пакінуць аўтамат і ўзяцца за плуг. Гэта быў час асаблівага драматызму, пераход чалавека, грамадства ў новы стан. Асноўныя падзеі твора звязаны з вобразамі герояў – сярэдніх гадоў селяніна Яхрэма Жаваранка і зусім яшчэ маладога хлопца Алёшы. Сюжэт разгортваецца вакол іх жыццёвых лёсаў.

Тэма беларускай вёскі 1960-80-х гадоў, духоўны свет селяніна-працаўніка, яго сувязь з зямлёю і прыродай адлюстравана ў раманах «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1985).

Чытайце кнігі Івана Пташнікава ў нашых бібліятэках
Вверх