Главная | Библиопалитра | Літаратурны каляндар | Пісьменнікі-юбіляры-2018 | Галавач Платон

Мрый Андрэй

125 гадоў з дня нараджэння

Андрэй Мрый (Андрэй Антонавіч Шашалевіч, 1893-1943) – пісьменнік-сатырык, краязнавец.

Нарадзіўся 13 ліпеня 1893 года ў вёсцы Палуж Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і валаснога пісара.

Атрымаў семінарскую адукацыю. Ваяваў на франтах першай сусветнай вайны, а потым, пасля рэвалюцыі, добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі, з 1921 па 1926 год працаваў настаўнікам у Краснаполлі (выкладаў гісторыю і французскую мову). Разам з братам Васілём, у будучым вядомым беларускім драматургам, сястрой Настассяй – таленавітай мастачкай і яе мужам скульптарам А. Грубэ стварыў у раёне народны тэатр, арганізаваў у школе драматычны і літаратурны гурткі.

У гэты час з’явіліся і першыя выступленні А. Мрыя ў друку. Пачынаў ён як селькор, з газетных нататкаў, прысвечаных розным падзеям вясковага жыцця. Збіраў народную лексіку, пасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта ў Мінск.

У 1926-1930 г.г. працаваў інспектарам Цэнтральнага бюро краязнаўства Беларусі, быў членам літаратурнай арганізацыі «Узвышша».

У 1929 годзе ў трох нумерах часопіса «Узвышша» быў надрукаваны сатырыстычны раман А. Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» (поўнасцю апублікаваны ў 1988 годзе). Твор адразу заваяваў папулярнасць у чытачоў, а імя галоўнага героя стала мянушкаю абмежаваных кар’ерыстаў і прыстасаванцаў. У рамане аўтар паставіў перад сабой задачу паказаць тыповага выскачку Самасуя, які ў імя кар’еры і славы назаўжды пакідае родную хату, забываецца на бацькоў і пачынае займацца тым, да чаго не меў ні прызвання, ні схільнасцяў. Значэнне гэтага твора далёка перасягае значэнне творчасці аднаго пісьменніка. Паводле рамана пастаўлены тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя» (1990).

Аўтар апавяданняў «Пятрок», «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Гармонія ў ружовым» і інш. Адраджэнню нацыянальнай культуры, фальклору, народных звычаяў прысвечаны яго падарожныя нарысы і краязнаўчыя нататкі «Па Гомельскай акрузе», «На кірмашы», «Асвета масаў у Краснапольскім раёне», «Цар Максімілян» ў вёсцы» і інш.

Для твораў А. Мрыя характэрны яркая сатырычная накіраванасць, натуральнасць, складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэальная праўда жыцця, паказ няпростых чалавечых характараў.

У 1934 годзе пісьменнік быў рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у сібірскіх лагерах. Пра свае «блуканні па пакутах» пісьменнік балюча расказаў у лісце «Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну» (1988). Навелы, аповесці і раман з лагернага жыцця «Жывы дом», напісаныя ў ссылцы, канфіскаваны і пакуль не выяўлены.

Праз дзевяць гадоў быў вызвалены з лагера, але, цяжка хворы, дамоў не даехаў. Памёр Андрэй Антонавіч Шашалевіч-Мрый 8 кастрычніка 1943 года. Рэабілітаваны ў 1961 годзе.

Чытайце кнігі Андрэя Мрыя ў нашых бібліятэках
Вверх