Главная | Библиопалитра | Літаратурны каляндар | Пісьменнікі-юбіляры-2017 | Купала Янка

Купала Янка

135 гадоў з дня нараджэння

Купала

Купала Янка (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882 – 1942) – Народны паэт Беларусі, майстар паэтычнага слова, драматург, перакладчык, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. З’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

Нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка былога Вілейскага павета (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Паэт нарадзіўся ў купальскую ноч, і гэтая акалічнасць сталася для яго знакавай. Яна прынесла яму літаратурны псеўданім.

Паходзіў паэт з сям’і дробнага, беззямельнага шляхціча. У 1898 годзе скончыў Беларуцкае народнае вучылішча. Далей вучыцца не было магчымасці, і ён займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў. Пасля смерці бацькі (1902) працаваў хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага, бібліятэкарам і на іншых работах.

У жніўні 1912 года адбылася сустрэча Янкі Купалы з Якубам Коласам. Гэтая сустрэча стала знакавай. Сяброўства двух вялікіх паэтаў працягвалася ўсё жыццё.

У 1915 годзе выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага. У Маскве ажаніўся з У.Ф. Станкевіч. У 1919 годзе пераехаў у Мінск, дзе і жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Трагічна загінуў 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве.

З 1905 года пачынаецца адлік творчага шляху Купалы. Яго творы сталі гімнам беларускага народа. Першы верш на беларускай мове «Мужык» быў надрукаваны ў мінскай газеце «Северо-Западный край». 1908 год асабліва памятны ў жыцці паэта. У гэтым годзе выйшла першая кніга яго паэзіі «Жалейка». Аўтар зборнікаў вершаў «Гусляр», «Шляхам жыцця», «Спадчына», «Безназоўнае» і інш. Многія вершы Янкі Купалы пакладзены на музыку.

У 30-я гады ХХ стагоддзя паэзія Янкі Купалы ўзбагацілася новымі творамі: выйшлі зборнікі вершаў «Песня будаўніцтву», «Беларусі ардэнаноснай», «Ад сэрца», былі напісаны паэмы «Над ракой Арэсай», «Тарасова доля».

Багатую спадчыну пакінуў нам Янка Купала. Паэмы «Сон на кургане», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», драма «Раскіданае гняздо», камедыя «Паўлінка», трагікамедыя «Тутэйшыя» добра вядомы сучаснаму чытачу.

Купалава творчасць – цудоўна-непаўторная люстра, у якім праўдзіва, ярка, хвалююча адбілася шматграннасць жыцця і барацьбы беларускага народа за сваю гісторыю, за чалавечыя правы. Пісаць аб народзе і для народа – такі дэвіз Купалы на ўсіх этапах творчасці.

Першы ўдастоены звання Народны паэт Беларусі (1925).

Экранізацыя твораў Янкі Купалы

Янка Купала – прызнаны нацыянальны драматург. Некаторыя з яго твораў былі экранізаваны.

У 1952 годзе выйшаў на экраны фільм-спектакль па аднайменнай п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» ў пастаноўцы беларускага Дзяржаўнага драматычнага тэатра ім. Я.Купалы. Фільм вызначаецца праўдзівым адлюстраваннем вясковага жыцця. Паказана каханне беларускай сялянкі Паўлінкі і сельскага настаўніка Якіма, пра перашкоды, якія стаялі на іх шляху, як яны адстаялі сваё шчасце.

Павлинка (1952) Александр Зархи – YouTube

https://www.youtube.com/watch?v=1z35eVR3uNA

Паводле паэмы «Магіла льва» ў 1971 годзе створаны кінафільм – гістарычная драма. Даўным-даўно закахаўся полацкі князь Усяслаў у прыгажуню Любаву, нявесту каваля Машэкі. Падступствам ды хітрасцю разлучыў ён закаханых. Сабраў тады Машэка народную дружыну і пайшоў помсціць князю за сваю зняважаную любоў, за народную волю.

Могила льва / The Lion's Grave (1971) – YouTube

https://www.youtube.com/watch?v=ISoeQXUyIC0

У 1981 годзе на студыі «Беларусьфільм» паводле п’есы пастаўлены фільм «Раскіданае гняздо». Пачатак 20 стагоддзя. Адлюстравана вялікая сацыяльная драма простых, абяздоленых людзей.

Раскиданное гнездо (1982) фильм смотреть онлайн – YouTube

https://www.youtube.com/watch?v=woE1_uFZ4lw

Янка Купала і Мазыршчына Чытайце кнігі Янкі Купалы ў нашых бібліятэках
Вверх