Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Сачанка Барыс

85 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Барыса Сачанкі ў нашых бібліятэках

Барыс Іванавіч Сачанка (1936-1995) — беларускі пісьменнік, Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1960 года.

Нарадзіўся 15 мая 1936 года ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. У чэрвені 1943 года вёска Вялікі Бор была спалена фашыстамі. Барыс разам з бацькамі і малымі братамі быў вывезены ў Германію. Гады паднявольнага жыцця назаўсёды засталіся ў дзіцячай памяці будучага пісьменніка. Дадому, на радзіму, вярнуўся пасля вызвалення — улетку 1945 года.

Вучыўся ў Велікаборскай сямігодцы, Хойніцкай беларускай сярэдняй школе, закончыў філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне журналістыкі (1960). Працаваў карэктарам, фельетаністам у часопісе «Вожык», рэдактарам аддзела прозы часопіса «Полымя», сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1986 — загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1993-1995 гадах — галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Адначасова ў апошнія гады быў сакратаром Рэспубліканскай рады Таварыства беларускай мовы, актыўным членам камісіі па напісанні «Закона аб мовах у Беларускай ССР».

У складзе розных дэлегацый быў у Балгарыі, Галандыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі. Удзельнічаў у рабоце XXXV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1980).

Творчая біяграфія

Першае апавяданне «Плынь» апублікавана ў 1956 годзе ў часопісе «Маладосць». Першая кніга прозы «Дарога ішла праз лес» убачыла свет у 1960 годзе. Затым выйшлі зборнікі прозы «Барвы ранняй восені» (1962), «Зямля маіх продкаў» (1964).

Паступова на першы план ў яго творчасці пачынае выходзіць тэма вайны. Пра цану здабытага шчасця напамінаюць сучасніку аповесці Барыса Сачанкі «Пакуль не развіднела» (1966) і «Апошнія і першыя» (1968). У іх расказваецца пра гібель беларускіх вёсак і людзей у гады фашысцкай акупацыі. Ён адзін з першых аўтараў, што расказалі пра палітыку генацыду, якую ў гады вайны ажыццявілі фашысты на беларускай зямлі.

Раман у навелах «Чужое неба» (1975), як і многія іншыя творы пісьменніка, ў сваёй аснове аўтабіяграфічны. У цэнтры — лёс сям’і Гарапашкаў, якая ў гады вайны апынулася ў Германіі. Цяжкі быў шлях вяртання на Радзіму, цяжкае было і жыццё на папялішчы роднай вёскі. Шматпланавы, аб’ёмны раман-трылогія «Вялікі Лес» (1980-1984) дае праўдзівы малюнак першых месяцаў вайны ў мясцінах, блізкіх аўтару з маленства. Сачанка паказвае вайну такой, якой ведае па расказах землякоў, з уласна перажытага.

Барыс Сачанка — пісьменнік, які не замыкаўся ў творчасці адной, няхай і важнай тэмай. Заслугоўвае ўвагі яго творы гістарычнай праблематыкі: палеская быль «Англіцкая сталь» (1964), «Дыяруш Мацея Белановіча» (1973).

У апавяданнях і аповесцях 1970-1980-х гг. «Не на той вуліцы», «Запіскі Занядбайлы», «Без пяці мінут «прахвесар» і інш. пісьменнік назірае побыт гараджан, выкрывае мяшчанства, прыстасавальніцтва, графаманства.

Чорным крылом накрыў «малую радзіму» Барыса Сачанкі Чарнобыль. Гэтай тэме прысвечаны «Запіскі аб радыяцыі» (1986-1990), аповесці «Родны кут» і «Еўка» (1987).

Барыс Сачанка лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1982, за кнігу прозы «Ваўчыца з Чортавай Ямы»), Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1991, за кнігу крытыкі і публіцыстыкі «Сняцца сны аб Беларусі…»).

Вверх