Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Крапіва Кандрат

125 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Кандрата Крапівы ў нашых бібліятэках

Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч, 1896-1991) — драматург, байкапісец, паэт, мовазнаўца, грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года.

Нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Хлопчыку Кандрату давялося з маленства пасвіць жывёлу, а з чатырнаццаці гадоў узяцца за касу і плуг.

Пасля заканчэння народнага вучылішча была вучоба ў гарадскім чатырохкласным вучылішчы спачатку ў Стоўбцах, затым у мястэчку Койданава (цяпер Дзяржынск). У 1913 годзе экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка. Восенню 1914 года распачаў настаўніцкую працу, але праз год быў мабілізаваны ў армію. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце.

Крапива
К. Крапіва, 1945 г.

Як настаўнік у пачатку 1918 года дэмабілізуецца з арміі і едзе працаваць у адну з пачатковых школ Уздзеншчыны. Праз два гады яго прызываюць у Чырвоную Армію (1920-1923). У 1925 пераяджае ў Мінск, актыўна ўключаецца ў літаратурнае жыццё, быў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк», потым — «Узвышша». Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (1930).

Крапива
К. Крапіва з жонкай і дзецьмі

У Вялікую Айчынную вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Советскую Беларусь», рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У пасляваенныя гады - рэдактар часопіса «Вожык», дырэктар Інстытута мовазнаўства АН Беларусі. У 1946 годзе ў складзе дэлегацыі Беларусі ўдзельнічаў у рабоце І сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1956-1982 гг. — віцэ-прэзідэнт АН Беларусі.

Творчая біяграфія

Свой творчы шлях К. Крапіва пачаў як паэт-сатырык. Першы твор на рускай мове — вершаваны фельетон «Жыли-были», быў надрукаваны ў 1922 годзе ў газеце «Красноармейская правда». Але пісьменнік выбраў для сябе творчасць на роднай мове. Беларускамоўны твор – сатырычны верш «Сваты», з’явіўся на старонках газеты «Савецкая Беларусь» 23 мая 1922 года. Неўзабаве ў свет выйшлі кнігі сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925), «Байкі» (1927), «Калючы строй» (1932) і інш.

Творы К. Крапівы 20-х, пачатку 30-х дасягнулі свайго найвышэйшага ўзлёту і былі цалкам скіраваны на выкрыццё рознага роду недахопаў і перажыткаў мінулага. Расце папулярнасць пісьменнніка і як байкапісца. Стварыў непераўзыдзеныя ў беларускай літаратуры творы: «Дзед і баба», «Дыпламаваны баран», «Ганарысты парсюк» і інш. Яго байкі цесна звязаны з вуснай народнай творчасцю і прыродай роднай зямлі.

Выдатным майстрам сатыры паказаў сябе народны пісьменнік і ў апявяданнях. З-пад пяра К. Крапівы выйшлі зборнікі прозы «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1, 1932) і інш.

Яркай старонкай у гісторыі беларускай літаратуры з’яўляецца драматургія пісьменніка. Сатырычная камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939, Дзяржаўная прэмія СССР у 1941) увайшла ў залаты фонд беларускай камедыяграфіі. Драматург агнём сатыры паражаў паклёпнікаў, кар’ерыстаў і падхалімаў.

Драма «Партызаны» (1937) прысвечана барацьбе беларускага народа супраць польскіх акупантаў. Гэты твор хутка заваяваў прызванне. Ужо ў 1937 годзе пастаўлены спачатку на сцэне Барысаўскага, а потым Мазырскага калгасна-саўгасных тэатраў.

У пасляваенны час напісаны п’есы «З народам» (1948), «Пяюць жаваранкі» (1950, Дзяржаўная прэмія СССР у 1951), «Людзі і д’яблы» (1958), фантастычная камедыя «Брама неўміручасці» (1973, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы ў 1974) і інш.

Драматургія Крапівы адыграла вялікую ролю ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва. Яго п’есы з вялікім поспехам ставіліся на тэатральных сцэнах па ўсёй краіне і за яе межамі.

Паводле п’ес аўтара пастаўлены аднаіменныя кінафільмы «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954).

Байкі Кандрата Крапівы, дзе згадваецца Мазыршчына

Кувада
Карова целіцца, а ў быка зад баліць.
Народная прыказка

Паміж балот Мазырскага Палесся,
Дзе шчэ не так даўно «лясун гайсаў па лесе»
Ды забабоны плавалі на чоўне,
Дзе звычаяў дагістарычных схоўня
Была аж да часоў савецкае улады, —
Там знойдзен выпадак кувады.
Расказваюць пра гэта нашы краязнаўцы:
Бывала там, калі раджаць Жанчыне давядзецца,
Дык Чалавек яе кладзецца
Таксама з ёй на лаўцы.
Ён хоча працу падзяліць.
Ён хоча аблягчыць пакуты,
Дык і жывот яго баліць,
І схваткі штомінуты.
Свой абавязак маткі ціха
Выконвае Жанчына-парадзіха,
Хоць і цярпіць вялізарныя мукі,
А ён, «няшчасны», ломіць рукі.
Калі глядзець — сапраўды Дзядзьку крута:
То скурчыцца, то выцягнецца прутам
Ды пачынае лбом аб сцену біцца.
Крычыць: — Бабулечка, — жывот!
Зязюлька, — паясніца!
Аж з твару зменіцца і з голасу спадзе,
Пакуль малое Жонка прывядзе.

Вось так жа памагаюць часам
Куваднікі працоўным масам:
Пакуль працоўныя сацыялізм будуюць,
Яны ўсё ныюць, хныкаюць, бядуюць.
Такому б я сказаў: — Слюнцяй, не скавычы!
Не можаш памагчы,
Дык лепей памаўчы!
1929
Рак
Паважны чалавек адзін
З далёкіх і чужых краін
Прыехаў вандраваць па Беларусі.
Чаго — сказаць я не бяруся:
Ці то яго цікавіў Мінск, ці то Мазыр і Прыпяць,
А толькі ён зайшоў бутэльку піва выпіць.

— Што ў вас да піва ёсць? — пытае ён Слугу.
— Што загадаеце, падаць я вам магу, —
Адказвае Слуга. — Ёсць тараны, ёсць ракі.
— А гэта што такія за прысмакі?
Іх не чуваць у нашай старане.

Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць на спробу.
Падаў Слуга. Паважная Асоба,
Абцерабіўшы раку шыю й клешні
(Не хоча з драбязой займацца ён, канечне),
Давай упісваць рэшту.

Ды вось не есца толькі нешта:
Расце, здаецца, ў роце рак.
Аж вочы плюшчыць дзядзька-небарак,
Але, запіўшы півам, лыкнуў.
«Давай яшчэ папробую, а мо й прывыкну
Да гэтых, — думае, — прысмакаў».
Але й з другім не лепей ракам:
Назад, здаецца, з рота ён паўзе.
-— Паслухайце, — Асоба кажа тут Слузе, -
Што гэта ў вас за людзі?
І што ў людзей за густ?
Вось я ніяк прывыкнуць не магу
І ракам рот дарэмна запаскудзіў.
Слуга ў адказ: — Які вы, дзядзька, смешны!
Не дзіва мне, што не знайшлі вы смаку
У нашым раку:
У нас ядуць тут шыю і клешні,
А вы — жывот ды бруд усякі.
Калі трапляецца ў жыцці вам рак,
То, каб не каяцца нарэшце,
Уведайце наперад, дзе ў ім смак,
Тады ўжо толькі ешце.
Іначай знойдзеце ў лупіне,
Што кожны, плюнуўшы, адкіне.
1926

Глядзець фільм онлайн:

Поют жаворонки (1953) фильм. – YouTube [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.youtube.com/watch?v=ThZvammzgck. – Заглавие с экрана.

Кто смеётся последним (1954) (Кандрат Крапіва). – YouTube [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.youtube.com/watch?v=0BgjVkLfpgc. – Заглавие с экрана.

Вверх