Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Кірэенка Кастусь

105 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце творы Кастуся Кірэенкі ў нашых бібліятэках

Кастусь (Канстанцін Ціханавіч) Кірэенка (1918 — 1988) – пісьменнік, Заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1943 года.

Нарадзіўся 12 снежня ў вёсцы Гайшын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1940 годзе скончыў літаратурны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Пасля некалькіх месяцаў працы ў школе быў прызваны ў Савецкую Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны — вежавы стралок танка, потым карэспандэнт армейскай газеты на Заходнім і 2-м Беларускім франтах. Прафесія ваеннага журналіста абавязала К. Кірэенку не раз бываць на лініі агню, назіраць за ходам бою, бачыць уласнымі вачыма гераізм савецкага чалавека. Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў у часопісе «Беларусь», з 1962 — галоўны рэдактар часопіса «Бярозка», з 1972-1986 гг. часопіса «Полымя». У 1969 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Творчая біяграфія

Творчы дыяпазон Кастуся Кірэенкі надзвычай шырокі. Вершы, паэмы, проза, мастацкі пераклад, творы для дзяцей, публіцыстыка, сатыра… Пры ўсім гэтым ён перш за ўсё паэт. Ужо ў самым пачатку творчага шляху паказаў сябе рамантыкам, бязмежна закаханым у жыццё, родную сэрцу прыроду, у сяброў, якія разам з ім сустракаюць ранак жыцця.

Вельмі яркай, важнай і, безумоўна, таленавітай стала яго першая кніга паэзіі «Ранак ідзе» (1945). Галоўны змест зборніка склалі творы, напісаныя ў грозныя ваенныя гады. Усенароднае змаганне, франтавыя будні салдата, вызваленне і радасць сустрэчы з роднай зямлёй – вось пра што расказваў паэт і нярэдка расказваў вобразна, запамінальна. Горкія, трагічныя ўспаміны аб вайне застануцца назаўсёды.

Ён аўтар зборнікаў «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі» (1952), «Родны свет» (1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959), «Антонавы грахі» (вершаваныя фельетоны, 1960), «Слаўся, юнацтва» (1961), «Вернасць» (1961), «Смага» (1962, Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы — 1964), «Жывыя ідуць наперад» (1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы — 1972), «Сіні вырай» (1976), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў» (1985), «Надзея» (1985) і інш.

Зборнік «Кніга ста песень» (1971) адзначаны Дзяржаўная прэміяй БССР у 1972 годзе. У ім скандэнсаваўся жыццёвы, духоўны вопыт паэта ва ўсім багацці перажытага. Гэта аповед пра любоў аўтара да жыцця. Ён разважае, думае, аналізуе, у кнізе шмат матываў спавядальных, шмат прызнанняў вельмі інтымных.

Паэзія паэта шматгранная, наступальная, жыццесцвярджальная. Гэта напор страсцей, выбух эмоцый, напружанне псіхалагічных сітуацый. Але аб чым бы ні пісаў паэт, яго позірк заўсёды скіроўваўся да Радзімы, да сучасніка.

У 1977 годзе напісаў апавяданне «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма». Гэта вельмі арыгінальны, шчыры і непаўторны твор. Аўтар па-пісьменніцку, як мастак, расказаў пра свае «рачныя паходы». Тут шмат цікавых замалёвак і назіранняў, ёсць добрыя словы пра бацькоў, усхваляваныя нататкі пра сяброў.

Шырока вядомыя творы Кастуся Кірэенка для дзяцей. Выйшлі паэма «Алёнчына школа» (1951), кніжкі вершаў «Зялёнае рэха» (1953), «Вясна-красна» (1956), «Сад піянерскі» (1960), «Урачыстая песня» (1965), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанамі» (вершы і паэмы, 1987). У творах для дзяцей К. Кірэенка зарэкамендаваў сябе добрым знаўцам псіхалогіі юнага чытача, яго інтарэсаў.

Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў для дзяцей «Сум і радасць дзеда Рэпкі» (1967), «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Алесева кніжка» (1972), «Вандроўнае шчасце: Рыбацкая паэма» (1977), кнігі публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971) і «Заўсёды з Радзімай» (успаміны, эсэ, нататкі, 1980).

Вверх